Па-над белым пухам вішняў, быццам сіні аганёк, Б'ецца,ўецца шпаркі, лёгкі сінякрылы матылёк. Навакол усё паветра ў струнах сонца залатых,- Ён дрыжачымі крыламі звоніць ледзьве чутна ў іх.
І ліецца хваляй песня,- ціхі,ясны гімн вясне. Ці не сэрца напявае, навявае яго мне? Ці не вецер гэта звонкі ў тонкіх елках шапаціць? Або мо сухі, высокі ля ракі чарот шуміць?
Не паняць таго ніколі, не разведаць,не спазнаць: Не даюць мне думаць зыкі, што ляцяць,дрыжаць,звіняць. Песня рвецца і ліецца на раздольны,вольны свет. Але хто яго пачуе? можа,толькі сам паэт.