полонез "Прощание с Родиной" музыка: Михаил Клеофас Огинский, слова: Сержук Соколов-Воюш
Аўтар слоў: Сяржук Сокалаў-Воюш, паэт і бард. Жыве цяпер у ЗША.
Сонца праменьне стужкай вузкай Ператкала помны вечар. Край бацькоўскi, край мой беларускi, Я табе кажу на разьвiтаньне: «Да спатканьня, да сустрэчы». Я табе кажу на разьвiтаньне: «Да спатканьня, да сустрэчы».
Водар закiнутага саду, Ў небе зорка Мiлавiца, Таямнiцы паркавых прысадаў Пэўна, неаднойчы на чужыне Будуць мроiцца i сьнiцца.
Прыпеў:
Зноў залунае наш штандар, Палыхне ўначы пажар, I паходнаю трубой Зноў паклiча нас з табой на мужны бой. Мая Радзiма – край адзiны. Да яго з выгнаньня Шлях вяртаньня – шлях змаганьня.
Ростань на ростанях краiны. Ранiць думкi шлях абраны. Прагне сэрца ў родныя мясьцiны I Радзiмы вобраз ажывае Растрывожанаю ранай. I Радзiмы вобраз ажывае Растрывожанаю ранай.
Дахi мястэчык, стрэхi вёсак, Вежы замкаў i палацаў, Гонкiх храмаў звонкi адгалосак Клiчуць да сябе, Бо немагчыма з гэтым краем разьвiтацца. Клiчуць да сябе, Бо немагчыма з гэтым краем разьвiтацца.
Прыпеў. Воi прагнуць волi, Воля – сьвет i доля. Бронi звон ды конi, Конi- клiч «Пагонi». Крочым з багны ночы, З ночы шлях прарочы.
Прыпеў.
Золак, ахутаны туманам, Далягляды ў барвах бэзу. I гучаць нябёсныя арганы, I жывуць у сэрцы, I зьлiваюцца у гуках палянэзу. I жывуць у сэрцы, I зьлiваюцца у гуках палянэзу.