Расплата за ўсё: За чырвоныя макі, За сьвітаньне жыцьця, За блізкі канец, За тое, што быў, Што сьмяяўся і плакаў, За тое, што ўсе любілі мяне, За Сірына, што заліваўся ў маі, За лістападаўскі крык крумкача – За ўсё, расплата, цябе прымаю I, сьціснуўшы зубы, буду маўчаць. Нішто не суцешыць, Не дапаможа, Таму, што ня быў я спакойнай травой, А быў удалым, Як Ян Прыгожы: Ў стрэмя нагой ці аб пень галавой, Аб пень галавой! З парванай папругай Конь самотны тоне ў траве. Спускаецца ноч. I голас друга Не заплача, ня крыкне, не пазаве. Я многія вочы і сэрцы трывожыў I толькі перад каханай адной Бляяў рахмана, як Агнец Божы, Піў з капытка і цягнуўся струной. Я ведаў, што трэба кахаць бязьмерна, Што ня біць, а песьціць павінна рука, Што лепей ягня, чым тхор крыважэрны, Лепей юродзівы, чымсьці кат. А яна мне на шыю стужку ўзьвязала, Як ягня, барола мяне галавой, I ў кучаравы лоб цалавала, I гадавала зялёнай травой.