Казка (з паэмы Грубае і Ласкавае, што з'яўляецца часткай \"Нельга забыць\") Ну сядай, сядай са мной, калі ласка. Навальніцы песня старая-старая. Слухай казку. Апошнюю казку. Яна на тваіх вачах памірае. У гэтай казцы яліны лапы схілілі, Візантыйскі захад у алым дыме... \"Зялёная сарока кашку варыла, Зялёная сарока з дурнымі вачыма...\" У кулінарную кнігу глядзела, Чухала патыліцу драўлянаю лыжкай, І дзеткі кашку да лыжкі з'елі А нам з табой не далі ані крышкі. Ты смяешся? Такога няма на свеце? Не смейся любая, свет шырокі. Мы з табою толькі дурныя дзеці. Нам добра з гэтай чубатай сарокай. Сарокі розныя рэчы крадуць, І можа, ў гняздзе яе, з золатам поруч, Ляжыць каханне, святло і радасць, Што прынесла сарока з-за сіняга мора. Аддайце сарока. Няма ўжо сілы. Яна ж не кахае мяне, хоць зарэжце. .......................................................................... Дай я цябе пацалую, мілая. А каша? Чорт з гэтай кашай, нарэшце.