Здаецца, той дом стаяў на ўскраіне месца, На вуліцы з цёплага пылу і плотаў драўляных, Пад грушай вялікай, якая ўжо не радзіла, Затое давала шмат ценю ў летнюю сьпёку.
Здаецца, той дом быў пабелены некалі вапнай, Ля дому быў кветнік, а ў ім незьлічоныя кветкі. На тле белых сьценаў найлепей глядзеліся мальвы, Навогуле, мальвы заўсёды глядзяцца няблага.
Здаецца, той дом меў блакітна-зялёныя дзьверы. Яго гаспадар з гаспадыняй былі ўжо вельмі старыя, Яны гаварылі пра сьмерць і пра кветкі. У доме была цішыня і паўцемра.
Здаецца, у доме былі мы ня болей за колькі хвілінаў, Але, калі выйшлі адтуль, то было ўжо цёмна. У цемры быў прывідны водар лілеяў і мяты, Паблізу ў ваду гучна падала кропля.
Пазьней мы дарэмна чакалі апошні аўтобус На вуліцы з цёплага пылу і плотаў драўляных. Хацелі паліць, але ў нас не было запальнічкі, Хацелі вярнуцца ў дом, але нам не ставала нахабства.