Кажуць, мова мая аджывае Век свой ціхі: ёй знікнуць пара. Для мяне яна вечна жывая, Як раса, як сляза, як зара. Гэта ластавак шчабятанне, Звон світальны палескіх крыніц, Сінь чабору, і барвы зарніц, І буслінае клекатанне. Калі ж хто загадае: "Не трэба!" — Адрачэцца ад мовы народ, — Папрашу я і сонца, і неба: Мне не трэба ні славы, ні хлеба, Асудзіце на безліч нягод. Толькі месяцаў назвы пакіньце, Назвы родныя роднай зямлі, Пра якія з маленства ў блакіце Бор шуміць і пяюць жураўлі: Студзень — з казкамі снежных аблокаў, Люты — шчодры на сіні мароз, Сакавік — з сакатаннем і сокам Непаўторных вясновых бяроз, Красавік — час маланак і ліўняў, Травень — з першым каханнем, сяўбой, Чэрвень — з ягаднаю зарой, Ліпень — з мёдам, З пшаніцаю — жнівень, Спелы яблычны верасень, Светлы кастрычнік У празрыстасці чыстай, крынічнай, Лістапад — залаты лістапад, Снежань — першы густы снегапад... Ці плачу я, ці пяю, Ці размаўляю з матуляю — Песню сваю, мову сваю Я да грудзей прытульваю. Чытаць цалкам: http://www.vershy.ru/content/kazhuts-mova-maya-adzhyvae