Джазавы нарыс Павла Аракеляна пад вершы Уладзіміра Някляева
Ластаўка
1 Айчына. А чаму?.. Глядзіш услед пытанню - Як ластаўчынаму Палёту, шчабятанню...
2
Дарагое і ёсць дарагое. Ува мне - там, дзе сэрца тугое Ад скразной, невыноснай тугі - Б'ецца ластаўкай берагавою Беларусь аб свае берагі.
--------------
*** Завея... Снегавыя дзюны... Паўночны кут. Калі я недзе жыць не думаў - Дык гэта тут.
Куды мяне занеслі чэрці Ад крэўскіх брам? Калі і думаў я памерці - Дык гэта там.
Спачну, адолеўшы адлегласць, У тым куце... Завея легла пад адлегу - І не мяце.
Схаваю ў злепленую ўсмешку Адчай, нуду. Зляплю і кіну ў мора снежку - Ваду ў ваду.
--------------------------
* * *
Што затужылі, воі, мужчыны? Волі ўдыхнулі - і дух заняло? Як там і што там ні стане з Айчынай - Горай не будзе, бо лепш не было.
Шлях свой зблукала Айчына ў трох соснах, Збегала шлях чаўнаком, нібы ў кроснах, Кідаючы невідушчы народ 3 пасткі на захадзе ў пастку на ўсход.
Можа, відушчымі стануць нашчадкі? Шляху няма. Ні канца, ні пачатку. Прывідам - у пустату з пустаты - Рвецца Пагоня з дзяржаўнай пячаткі, Непадкаваныя б'е капыты.
---------------------------------------
* * *
Рака крыві за волю - праз вякі... Калі і хто той волі меў даволі? Зацятыя рабы зацятай волі Не лепей, чым яе рабаўнікі.
Ніхто не змог, як воля, вольным стаць... Хоць абдымайся з воляю аберуч - Паэту вольнай птушкай не спяваць, Не паляваць тырану вольным зверам.
А вольны, можа, толькі плач сірочы, Няўцямны крык у прадсмяротны час, - І кожны з нас здабудзе волю двойчы, І двойчы згубіць волю кожны з нас.
Усім на волю Бог дае іспыт - І не займець збавення ад іспыту: Адзін раз воля - калі ты з нябыту, Другі раз воля - калі ты ў нябыт.
---------------------------------
* * * Вы - беларусы? Хто такія? Ёсць Польшча, Жмудзь, Літва, Расія - Як вы ўшчыміліся сярод? Адкуль з'явіліся? З балот? З чаго зляпіліся? З туманаў?.. Такіх падмен, Такіх падманаў Не ведаў ні адзін народ.
І што цяпер? Хай так і будзе, Абы не горш? Вы што за людзі: Вам звацца хочацца людзьмі, Ці імі быць, Ці біцца ў грудзі - Ці ўстаць за крэўны край грудзьмі?
-----------------------------------
НА 20 ЛІПЕНЯ 1999 ГОДА Народу можа засціць зрок Без дай прычыны. Ды бачыць Божа кожны крок На звод Айчыны.
У вочы вам адплаты час Зірне сурова. Каб дзеці апраўдалі вас - Вярніце Мову!
Няма пачаткаў і канцоў, Усё - працяг. Каб не ўскіпела ў жылах кроў - Вярніце Сцяг!
Улады сверб, што вас скубе, І славы сверб, Пакіньце ўсё сваё сабе - Вярніце Герб!
Дальбог, пра гэта не са зла Малюся ў скрусе, А каб зямля вас прыняла На Беларусі.
* * *
Да Бога дрогкая дарога... Здарожаны, сабой самім Зняможаны, шукаў я Бога Ва ўсім, бо Ён і быў ва ўсім.
Яго ў спакусах прагла цела, І дух быў з целам заадно...
А неба ямінай цямнела - І праступала ў небе дно.
Над ямай неба стаўшы з краю І ўбачыўшы сябе на дне, Спытаўся я: "Каго шукаю?.." І выдыхнула дно: - Мяне.
* * *
Ластаўка
1 Айчына. А чаму?.. Глядзіш услед пытанню - Як ластаўчынаму Палёту, шчабятанню...
2
Дарагое і ёсць дарагое. Ува мне - там, дзе сэрца тугое Ад скразной, невыноснай тугі - Б'ецца ластаўкай берагавою Беларусь аб свае берагі.