Мне ўсьцешна, што Вы хворыя ня мной, Мне ўсьцешна, што я хворая ня Вамі, Што восі зраўнаважанасьць зямной Ня зрушыцца пад нашымі нагамі.
Мне ўсьцешна, што бяз пыхі ледзяной Магу быць з Вамі — й не хітрыць вачамі, Ня чырванець, ня бавіцца маной, — Адно судакранацца рукавамі…
Мне ўсьцешна, што ня сорамна ані Пры мне Вам абдыймаць яе, другую, Што Вы мне не прарочыце ў вагні Пякельным быць, бо я ня Вас цалую, Што Вы імя з пяшчотай дзень пры дні Маё не паўтараеце ўпустую І што сярод царкоўнай цішыні Ніколі не сьпяюць нам: алілуя!
Я ўдзячная Вам сэрцам і душой За тое, што, ня ведаючы самі, Вы любіце мяне за мой спакой, За нашы не гуляньні вечарамі, За поўню, што ня ў нас над галавой, За тое, што ня бачыліся днямі,
Што ўсё-ж — на жаль! — Вы хворыя ня мной, Што ўсё-ж — на жаль! — я хворая ня Вамі…