Над полем месяц двухрогі, А мне ў цішыні палявой Адна пралягла дарога: Да вокан любай маёй. Яна кахае другога, І як ні падай да ног Убранага кветкамі Бога, – Ён не ўратуе, Бог. Сьвяшчэннікі ўсёй паднябёснай Каханьня ня вымаляць мне. А суцешаць хіба што сосны І роднага неба сьвінец. Каб глядзеў я ў вочы іконе, Як у вочы лепшай зь дзяўчын, – Узялі б мяне ў Божае лона, Ўзьвялі ў апостальскі чын. Каб бегаў я ў Божую хату Так, як пад хату тваю, – Мяне б сэрафімы крылатыя Жывым пасялілі ў раю.