«Гэй ты, князь! Гэй, праслаўны на цэлы бел свет, Не такую задумаў ты думу, - Не дае гуслярам сказу золата цвет, Белых хорамаў п'яныя шумы.
Скурганіў бы душу чырванцом тваім я; Гуслям, княжа, не пішуць законаў: Небу справу здае сэрца, думка мая, Сонцу, зорам, арлам толькі роўна.
Бачыш, княжа, загоны, лясы, сенажаць, - Ім пакорны я толькі з гуслямі, Сілен, княжа, караць, галаву сілен зняць, - Не скуеш толькі дум ланцугамі.
Славен, грозен і ты, і твой хорам-астрог, Б'е ад сцен-цэгел лёдам зімовым; Сэрца маеш, як гэты цагляны парог, І душу - як скляпоў гэтых сховы.
VIII
Глянь ты, слаўны ўладар, па палеткі свае: Сарачні там сох бачыш, як блудзе; А ці чуў ты, аб чым там араты пяе, Дзе і як жывуць гэтыя людзі?
Глянь у лёхі свае, ў падзямеллі глянь, князь, Што настроіў пад хорамам гэтым: Брацці корчацца там, табой кінуты ў гразь, Чэрві точаць жывых іх, раздзетых.
Ты ўсё золатам хочаш прыцьміць, загаціць... Ці ж прыгледзеўся, хорамны княжа? Кроў на золаце гэтым людская блішчыць, Кроў, якой і твая моц не змажа.
Ты брыльянтамі ўсыпаў атласы і шоўк - Гэта цертая сталь ад кайданаў, Гэта вісельні петляў развіты шнурок, Гэта, княжа, твае саматканы.
IX
Стол ты ўставіў ядой, косцей шмат пад сталом, - Гэта косці бядноты рабочай; Пацяшаешся белым, чырвоным віном, - Гэта слезы нядолі сірочай.
Хорам выстраіў ты, твайму воку так міл, Адшліфованы цэгла і камень, - Гэта - памяткі-пліты з няўчасных магіл, Гэта - сэрцаў скамененых пламень.
Люба чуці табе скочнай музыкі звон: Ты, дружына п'яце асалоду, - А ці ўслухаўся ты, як плыве з яе стогн, Стогн пракляцця табе, твайму роду?!
Ты збялеў, ты дрыжыш, слаўны княжа-ўладар! Госці хмурны, а дворня знямела... Ну, што, княжа? пара даць за песню мне дар! Выбачай, калі спеў мо няўмела».