- Што ж маўчыш ты, гусляр, ніў, лясоў песнябай, Славай хат маіх подданых слаўны?! Нам сягоння зайграй, нам сваіх песень дай, - Князь умее плаціць незвычайна!
Запяеш па душы, дасі ўцехі гасцям - Поўны гуслі насыплю дукатаў; Не пад мысль песня будзе каму-небудзь нам - Канапляную возьмеш заплату;
Знаеш славу маю, знаеш сілу маю... - Многа знаю і чуў аб табе я, - І я сам, як і ты, так табе запяю... - Ну, пара пачынаць, дабрадзею! -
Гэтак слухае, выслухаў князя гусляр, Заіскрыліся вочы сівыя, Патануў у скляпеннях адзін, другі ўдар, І заплакалі струны жывыя.