Калі-небудзь я пасмяюся з гэтага ўсяго – о так, мы ўсе тады нарабілі столькі глупстваў, жыццё змяняецца, мы змяняемся разам з ім, чыгунныя пласціны ў ключыцах спайваюць косці намёртва, вось так жывуць сапраўдныя паэты, абрастаючы побытам, нібы тлушчам, вось так паэты кладуцца пад блядскую паэзію, прадаюцца ёй, вось так з нармальных мужыкоў робяць паэтаў.
Калі-небудзь яна ўсё зразумее, вядома, зразумее, што тут разумець насамрэч – рваныя мною кашулі, пабіты ёю посуд, вось так жывуць сапраўдныя паэты – ані намёку на прыстойнасць, прыстойнасць прыдумалі лібералы, хай спачатку паспрабуюць жыць як сапраўдныя паэты, ну, як яно – шкада сябе? праўда ж, шкада сябе? вось менавіта так яны і жывуць – сапраўдныя паэты, ага – менавіта так, сапраўднае жыццё, сапраўдныя паэты.
Сапраўдныя слухачы, тыя, хто слухае, тыя, хто разумее, так – менавіта яны, заўжды падтрымаюць і зразумеюць, калі ты кажаш ім – госпад, гэты пастух слабых, ён памятае пра вас, ён пастух, яму што зіма, што лета – адзін хуй, – яны рэагуюць толькі на хуй.
Калі я кажу ёй – я хачу з табой памерці, яна слухае не да канца, яна зусім нічога не ведае пра смерць, так жа, як і я нічога не ведаю пра жыццё.
Калі-небудзь усё стане на свае месцы. Боль – панятак, што залежыць ад часу, а час працуе на нас. Спаленыя знутры пакоі бардэляў, менструальная кроў на рэвалюцыйных сцягах, адсутнасць сумневаў, адсутнасць успамінаў, адсутнасць магчымасці нешта змяніць – вось так жывуць сапраўдныя паэты, вось так паміраюць сапраўдныя сволачы.