я еду па восеньскім лісьці, еду я празь дзіцячыя сны, еду я па пагорках і выспах, па дарогах зімы і вясны. я еду туды, дзе сьветла, дзе лунае паветраны шар, дзе ветразь напоўніцца ветрам, дзе сонцам асьветліцца твар.
усё на крыві, усё на касьцях, усё шматзначнае адназначна!.. я маю свой герб, я маю свой сьцяг, я маю свой край, дзе дыхаць мне смачна!
я еду праз шэрыя вёскі, еду я цераз знакі бяды. я еду праз кропкі ды коскі, я еду адсюль туды. туды, дзе ўзыходзіць золак, дзе падае снег долу, дзе сьвеціць калядная зорка, дзе гарыць купальскае кола.
усё на крыві, усё на касьцях, усё шматзначнае адназначна!.. я маю свой герб, я маю свой сьцяг, я маю свой край, дзе дыхаць мне смачна!
я еду па вечным брудзе, за брудам ня бачна зямлі, калісьці тут штосьці будзе, вось толькі што і калі?.. даеду адно па рыму на хвалях сьцюдзёных вятроў. я еду ў сваю краіну на вечную зорку дзядоў!!!
усё на крыві, усё на касьцях, усё шматзначнае адназначна!.. я маю свой герб, я маю свой сьцяг, я маю свой край, дзе дыхаць мне смачна!