Мой Беластоцкі край — мая Айчына! З табою звязаны мой лёс і доля. Люблю лясы твае, люблю даліны, Кахаю шчыра бацькаўскае поле. Калышашся ў напевах песні роднай І мыеш твар у промнях залацістых, І толькі тут я поўнасцю свабодны, І толькі тут душой заўсёды чысты. Сямяцічы і Гайнаўка, і Бельск старынны, Саколка ціхая, зялёная Дуброва, Любоў да вас — мая адвечная павіннасць І вернасць матчынай спрадвечнай мове. Шасціць калоссе у палях шырокіх, Бурліць крыніца песняю адвечнай, Звініць нядзельны звон з царквы далёкай, На роднай Беласточчыне я вечны. Зямля мая, мой беларускі краю, Над Нарваю, над Бугам задуменным Я вольны тут, душой адпачываю, Мой краю вечны, краю незаменны.