Б-52 Ты чуў, мой дружа, прылятала Яна сюды пад Новы Год? Усім дабавіла турбот. А я, з’яднаўшы меч і рала, Вакол ялінкі карагод Вадзіў, і ўсё было мне мала.
Яна ж употайкі ад Зюзі Таптала паўзабыты снег Пад смех учорашніх калег, Пад аліўешку на абрусе. Пытаў – “Леан ата олех?”* – Заморскі цень, сціскаўшы “Uzi”.
Заморскі цень – яе каханак. Салдат і Ірад. Каб ты знаў, Таго бясчасся баразна, Што мой разрэзала прыстанак – Рэч рук яго, і ў снежных снах Мы б’емся ў рытме калыханак.
Ці быў ён тут, ніхто не скажа. Хтось да Шчаўкунчыка на баль, А хтось у Ленінград амаль Падаўся з лёгкім сакваяжам. Красу рачных замерзлых хваль Багоміла Мальвіна наша.
Маўчалі лепшыя сяброўкі І Першы гарадскі канал, Каб я сябе пераканаў У немагчымасці стыкоўкі, Якую летні карнавал Праракаваў, як пісар лоўкі.
Салюты сетак паспалітых. Гірлянды фільтраў instagram. Шчадрэц памытых мамай рам. Піпец расхрыстаных лалітаў. Ламаны грош за ўсё не дам, А лепш прап’ю. Хоць грэх, нібыта.
Здароў, бармэн, ўладар кактэйляў! Цябе вітае пэцкаль строф! Яшчэ ў тарфяніках ёсць торф! Гуляем сёння ў менестрэляў Я і мой сябар ксенаморф. Паі й сачы, каб не застрэліў
Нас Дзед Мароз каля танцполу, Бо ў нас элегій зімніх ноч. У люстры здрада. Сэкс наўзбоч. Ніхто не тупіць вочак долу. Мяшай кактэйль і напрароч Прылёт сапраўднага анёла.