ГОМЕЛЬ, ГОЛЕМ І МАЛУША Падалі ў шэрань познія грушы. Дошкі ўсцілалі фантан. Падала з неба ў грушы Малуша, нішчачы ўтульнасць нірван.
Падала з крыкам. Песняй завецца крык той у нашых краях. Гомель іграў ёй клубнае скерца. Голем прадумваў замах.
Стаўшы на ногі, вуліцай гулкай наша Малуша пайшла. Пахла з кавярні маслам і булкай. Скідваў кірмаш летні шлак.
Пахі і компас дзеўку да парку вывелі з кокану шкод. Шчокі гарэлі ружаю яркай. Вішняй хваліўся кампот.
Дрэва за дрэвам. Дзеўка за дзеўкай. Скончыўся парк неўпрыцям. Вузкай сцяжынай (вузкай і глеўкай!) несла Малуша свой сцяг.
Бераг тлуміўся. Бераг хістаўся. Ён не чакаў дэфіле нашай Малушы, што ў іншым часе зжэрла шчаслівы білет.
Бітвы пад Грунвальдам і пад Кадэшам. Каша блудлівых сарок. Голем і Мосін з цукровае вежы дзеўкі высочвалі крок.
+++ У аўтарскім выкананні гучыць верш Сяргея Балахонава. Выкарыстаны інструментал Lysergiphile \"Short Snippet3\" (2011) з сайта вольнай музыкі jamendo.com