ЕХАЎ ГРЭК Ехаў грэк цераз тысячы рэк, ды нідзе не знайшоў твайго сораму. Я хадзіў цёмным паркам адзін, падпяваючы поезду скораму.
Толькі трэск, дзе забыўся Мянеск перацерці крыху з сожскім волатам. Ды хадзіў Пад слупамі Радзім з незагойнаю ранаю колатай.
На «Прывоз» заявіўся матрос марсіянскага флоту падводнага і хадзіў дзесяць шарых гадзін ля крэветак, не ўзяўшы ніводнае.
З сініх гор войска вёў мухамор пасля гібелі белае гвардыі. Міф хадзіў, што марскі паладзін меч зламаў аб грыбніцу упартую.
Край легенд. Пустаты дыснэйлэнд. Мікі маўсы ды іншыя суслікі. Там хадзіў па мастах Аладзін – нёс лучыну на славу Рэспублікі.
Колькі фраз і адкрыўся стэйк-хаўз у ваколіцах фабрык закінутых. Хтось хадзіў прадаваў бігудзі, паўтараючы: «Хлопча, загінуў ты».
Ехаў Карл, самаўпэўнены ярл, разбірацца з чужымі караламі. Я хадзіў дадаваць грэнадзін да гарэлкі з грахамі зляжалымі.
+++ У аўтарскім выкананні гучыць верш Сяргея Балахонава. Выкарыстаны інструментал Nicky Apple "Ramble Through the Desert" (2005) з сайта вольнай музыкі jamendo.com