МЯШЧАНКА СЯМЁНАВА СУШЫЛА ГРЫБЫ гомельскае здарэнне 1737 г.
Васямнаццаты век – Яшчэ тое стагоддзе. Рады наш чалавек І найменшай нагодзе, Каб спакойна пажыць Без няснасак* і войнаў. Замак, што на Сажы, Таго шчасця дастойны.
Мяшчанка Сямёнава сушыла грыбы. Мяшчанка Сямёнава не чула бяды.
Мірны час, мірны квас, Мяса кус, бонда хлеба, А найлепшай з закрас – Баравік там, дзе трэба. У мачанку і ў боршч, Шчэ кудысь спадналуску, Ад Мялешкі** ж найбольш Знаю з грыбкамі гуску.
Мяшчанка Сямёнава сушыла грыбы. Мяшчанка Сямёнава не чула бяды.
Грыб за грыбам з лясоў Гамяльчане да замку, затупіўшы лязо, цягнуць з самага ранку. Як да Спаскай грузды, Да Чачэрскай апенькі, А на Троіцкай*** дым – Сушаць ліскі у Сенькі.
Мяшчанка Сямёнава сушыла грыбы. Мяшчанка Сямёнава не чула бяды.
У жанчыны сто спраў І ўсе адначасова. Кажуць, бог пакараў Гэтым белагаловых****. З недагляду грыбы Запалалі пажарам. Замак гомельскі быў, Ды грыбоў стаў ахвярай.
Мяшчанка Сямёнава сушыла грыбы. Мяшчанка Сямёнава не чула бяды.
2016 г.
*Няснаскі – (стар.бел) усобіцы, канфлікты. **Маецца на ўвазе сатырычны літаратурны твор “Прамова Мялешкі” (XVII ст.), дзе сярод іншых страў згадваецца і гуска з грыбкамі. ***Спаская, Чачэрская, Троіцкая – назвы вуліц “дарумянцаўскага” Гомеля. ****Белагаловымі ў той час называлі замужніх жанчын.
Скарыстаны мінус Dom!no \"trюk\" (2011) з пабліка vk.com/freeteam