І ПУСТАТА За шклом вітрынным кава й карамель. За спінай плынь людзей і вецер-хіпстар. Ніхто не крыкне: “Го! Го! Го! Го! Мель!”, наўмысна правакуючы таксістаў. Іду адзін між восенню й зімой. Павязку здаў, але не ўзяў свой віскі, Не залагодзіў мулкае ярмо. Не адаслаў паштоўку ў свет няблізкі. Тралейбусы танцуюць менуэт. Сланы блукаюць па пасуднай краме. За цыркам неба слепне ад ракет, забытых пад ракітай колісь намі. «Прыступкі», «Дрэвы», «Цемень», «Вусны», «Жар» – параграфы архіўнай картатэкі. З шуфлядных сотаў капае нектар. Бушуюць успамінаў грэшных рэкі. Знікае лісце ў кроплях ледзяных. Згасаюць думкі ў карнавале тлену. На сівым коніку зухвалы кот-камбрыг вядзе клін танкаў з Вільні на Мікены. А я па «зебры» рушу ў пустату. Мой кожны крок вітаюць святлафоры. Магчыма, я ўжо сёння прападу ў сцюдзёным безаблічным моры, куды ішлі надзеяў караблі, каб патануць без айсбергаў і пылу. За спінай нехта гучна скажа: «Плі!» і адкаркуе пляшачку тэкілы…