ТВАЯ АВАТАРКА Ты снілася сёння. Дакладней – твая аватарка, якой шчэ няма і, магчыма, ніколі не будзе. Карцінкі мігцелі, бо кадры змяняліся шпарка ў блакбастары, знятым без нас у пустым Галівудзе.
На той аватарцы ў сукенцы сваёй бірузовай глядзела ты ўправа, сваё адхадзіўшы налева. Твой позірк быў ясны. Усмешка застыла часова. Такой мусіць быць маладая зусім каралева,
убранне прынцэсы спаліўшы ў прыдворных інтрыгах, смяротную кару прызначыўшы кату і блазну, зрабіўшы свой ложак пачэсным прыстанішчам ліха, закрэсліўшы сонца цудоўнай мінуўшчыны ўласнай,
разбіўшы дашчэнту ў дрыгве «Апалон-18», закідаўшы гноем дарогу ў смарагдавы горад, мяне навучыўшы з люстэркам адно цалавацца, не слухаць радараў трывожны да жудасці шоргат
і не падымаць па трывозе свае батальёны, каб шок і трымценне не несці садам Карфагена, што гопніцкім спайсам ад рана да рана замглёны, дзе водзяць сяброўства марскія ваўкі і гіены.
Твая аватарка… Імгненне ці, можа, дно лімба? І што за налёт на ружовых маіх акулярах? Не скончыўся сон, і гучыць шугавейна марымба, і змрочны сабака жарэ мне душу на бульвары.
17 чэрвеня 2013 г.
Скарыстаны мінус Kolorize "Outro" з сайта вольнай музыкі: http://www.jamendo.com