ШОСТЫ КЕНТ Ты паліш шосты «кент» і ходзіш на чырвонае. Ты знаеш не з легенд, як парушаў законы я.
Усмешліва глядзіш, ужо не спачуваючы, што я – загнаны шыш* – даўлюся хлебам заечым
нявыцвілых гравюр эпохі даваеннае, калі лямур-тужур пускаў нядбала ў вены я
без згоды караля, па-за шляхецкай этыкай, якую тройчы кляў і ксціў такой ды гэтакай.
Ты ведала пра ўсё, маўчаўшы з летапісцамі. Чытала мне Басё, калі намер я спіцца меў,
мяшаючы палын з міланскімі мушкетамі, у статусе «былы» і з зажыва адпетымі
пачуццямі да той, з якой еў мёд і яблыкі, у класікі й лато ля цацачнае фабрыкі
гуляў і, як сабе, ёй верыў да апошняга… Ты помніш? Гром заспеў мяне між мёртвых пожняў. Гар
пажарышчаў адкрыў навокал я збянтэжана, гусарам стаў без крыл. Наверсе тэлевежы нам
з табою заняло на раз сінхронна дыханне. Карчомны дзеяслоў павіс, нібыта тых анёл,
хто час спаліў ушчэнт за фліртам з лангальерамі, як ты свой шосты «кент» начамі паліш шэрымі.
О, горыч наслання! О, грукат танкаў княжацкіх! Я рукі ўгору ўзняў – Мо’ там багі развяжуць іх.
Ды неба кіслатой адказвае ўсе месяцы, і мідзу но ото**, і хочацца развесіцца
лістотаю бяроз і ягадай рабінавай. Кахання перадоз. А ўсе таўкуць: «Рабі давай!
Стаханаўскі рэкорд! Медалі алімпійскія!». О, гніль асенніх орд! О, войск зімы фашысцкі яд!
Тут кружыць карусель. Махно страляе ў публіку. Траянскі конь нясе туды, дзе кубік Рубіка
складалі Радзівіл з Сапегам, паспрачаўшыся. А я любіў без сіл сусвет наш, апрача жыцця.
Пазыч мне шосты «кент» і выпраў на чырвонае, да грэцкіх каб календ журбы варожай поўны яр
прайсці я змог бы ўброд паміж мастамі сінімі, каб стаць пад агнямёт, знікаючы хатынямі…
ліпень-снежань 2013 г.
*Шыш -- мянушка беларускіх партызан у часе вайны Расіі супраць Рэчы Паспалітай 1654-1667 гг. **Мідзу но ото (японск.) -- чутны плёск вады. Цытата з самага вядомага хоку япоскага паэта XVII ст. Басё.
Скарыстаны мінус Nébur Maik "Sound Of Movie" (2009) з сайта вольнай музыкі: http://www.jamendo.com