Яўгенія ЯНІШЧЫЦ Над хронікай 30-х гадоў ------------------------------ Які разгул шалёным капытам, А зьдзекаў жах, нібы ў сярэднявеччы! І Д'ябал у Суддзі перапытаў: — Таленавіты? Значыць, небясьпечны!
Ці не з жалезнай д’яблавай рукі Пісьменьнікі запісаны ў шпіёны?! Ужо ляцелі кнігі на шматкі І гразьзю пакрываліся імёны.
Ужо вучоны кроў сваю глытаў, Бяззубы ў сорак, шамкаў па-старэчы. А Д'ябал у Суддзі перапытаў: — Не размаўляе? Значыць, небясьпечны!
Даносчыкам да твару ліпкі бруд. Пры дапамозе іхняе брыднечы Выносіліся словы, як прысуд: "Таленавіты — значыць небясьпечны…"
Паміж травы, трагічнай і груддзя, Стаю ў журбе і думаю аб вечным: Таленавіты — сам сабе суддзя, А для паскуд — заўсёды небясьпечны.