Бэз апаў, а цвіце маладосць, І не верыцца мне ў растанне. Слоў няма, але музыка ёсць. Гэта сэрцабіццё, як прызнанне. Салаўі атакуюць вярсту, Заглушаючы лёскат грачыны. Азірніся! Я побач стаю! Я стаю ў цябе за плячыма. Гэтак свеціцца зорка ў палях На вячэрніх высокіх нябёсах. Суравее, туманіцца шлях Паміж двух непрыкаянных лёсаў. О, святая душы прастата! Што жадаць яшчэ, апроч жадання?! І звініць паміж намі вярста Невымернага ў свеце кахання.