Калі слухаць і слухаць, Як выюць за кратамі вецер са сьнегам, Як у фортцы зьвініць і зьвініць зьледзянелае шкло, Можна ўспомніць варагаў з хазарамі і печанегаў -- Шмат чаго, што мінула, нібы не было.
Можна ўспомніць Афіны і Рым, і падумаць пра рымлянак, Пра гетэр -- не хапае за кратамі рымскіх гетэр… Але ўспомніўся мне воўк у лесе зімовым пад Рымцелямі: Як, унюхаўшы пах чалавечы, ашчэрыўся зьвер!
Не таму, што галодны. Я бачыў па бруху: наеты. Ён да логвішча йшоў - і не быў я ў патрэбу яму. Але пах, які вычуў ён, быў не з ваўчынага сьвету: Зьвер учуяў турму.
Можна ўспомніць, калі зазьвініць капяжамі адліга, І за кратамі ценькне вясьнова нараніцы птах, Як ашчэрваўся свет на Хрыста і на Марціна Лютэра Кінга, На любога і кожнага, хто чалавечынай пах.
Можна ўспомніць… Але у ваўчыных вачах не пра тое…
Скрозь прапахла зямля потам, спэрмай, мачою, крывёю Ад Афінаў і Рыма - і да Калымы, Ды нішто і ніхто ў гэтым сьвеце не пахне турмою - Толькі мы.