Кажуць, гэта буйны дзесяцімільённы горад, нехта жыве ў палацах, нехта жыве ў норах: але нам пакуль тут не месца, мая дарагая, але нам тут не месца.
Калісьці мы мелі свой край і думалі, што гасцінны, ты адшукаеш на мапе нашы мясціны, мы не можам туды вярнуцца, мая дарагая, не можам туды вярнуцца.
Стары ціс расце на царкоўным двары — ён штовясну аднаўляецца зноў, але пашпарт стары так не можа зрабіць, мая дарагая, так не можа зрабіць.
Консул прамовіў, бразнуўшы кулаком: — Калі ты не маеш пашпарту, ты лічышся мерцвяком! — але мы яшчэ жывыя, мая дарагая, мы яшчэ жывыя.
Мне прапаноўваў сесці дабрадзей з камітэта, а потым параіў звярнуцца сюды налета, але куды нам ісці сёння, мая дарагая, куды нам ісці сёння?
Прыходзім на мітынг; там маладзёны кажуць: «Калі пусцім іх, яны адбяруць хлеб наш надзённы!» — яны кажуць пра мяне і цябе, мая дарагая, пра мяне і цябе.
Мне здалося, што гром у небе, — і скаланула мой слых, бо Гітлер крычаў Еўропе: «Вынішчыць іх усіх!»; іх — гэта нас, мая дарагая, іх — гэта нас.
Вось дагледжаны коцік чакае вячэры, вось швейцар адчыняе для пудзеля дзверы — ім лепш за нямецкіх габрэяў, мая дарагая, лепш за нямецкіх габрэяў.
У порце стаім на прыстані параходнай, плаваюць рыбы ў вадзе свабодна — усяго ў пяці кроках ад нас, мая дарагая, усяго ў пяці кроках ад нас.
Крочым па парку, бачым птушак на дрэвах; яны не маюць палітыкаў — няма пратэсту ў іх спевах, бо птушкі — не людзі, мая дарагая, бо птушкі — не людзі.
Я прымроіў тысячапавярховы будынак, дзе тысячы вокнаў, дзвярэй і паштовых скрынак, — але нашай між імі няма, мая дарагая, нашай між імі няма.
Стаім у заснежаным полі, і дзесяць тысяч салдат маршавым крокам праходзяць туды і назад — яны палююць на нас, мая дарагая, яны палююць на нас.