(Музыка- Уладзімір Алоўнікаў, Словы- Адам Русак) Ой, бярозы да сосны, партызанскія сёстры, Ой, шумлівы ты лес малады. Толькі сэрцам пачую тваю песню лясную, І успомню былыя гады.
Ды успомню пажары, ды варожыя твары, І завеі халодных вятроў, І слату, і нягоды, і начныя паходы, І агні партызанскіх кастроў.
Край любімы мой, родны, ты навекі свабодны, За цябе я на бітву хадзіў, Каб ніколі-ніколі ты не быў у няволі, Каб заўсёды у шчасці ты жыў.
Адышлі тыя годы, адгрымелі паходы, Толькі пушча за полем шуміць. Ой, бярозы да сосны, партызанскія сёстры, Вас ніколі ў жыцці не забыць.