І я цяпер жыву назад (Два пярсьцёнккі і завушніцы).
Навальнічная, юная, сьмелая, З неслухмянай завевай кос, За пяшчоту маю няўмелую Ты плаціла мне срэбрам сьлёз.
Вецер золкі той даўняй восені Нам кілімы зь лісьця сьцяліў. Асьляплёны дагэтуль поўнямі Я цнатлівых грудзей тваіх.
І я цяпер жыву назад, Куды вяртаюцца вятры, Назад у зорны лістапад, Дзе так мяне кахала ты. І я цяпер жыву назад, Куды ня вернуцца вятры, Там паліць лісьце лістапад, І ў ім з табой згараем мы.
Дабіблейскаю Евай грэшнаю Ты выходзіш з паўночных сноў, Мая самая-самая першая Мара, песьня, журба, любоў!..
Вось такой мне і будзеш сьніцца, Як зьбяруцца у гай гады: Два пярсьцёнкі і завушніцы – Гэта ўсё, ў чым адзета ты…
І я цяпер жыву назад, Куды ня вернуцца вятры, Назад у зорны лістапад, Дзе так мяне кахала ты. І я цяпер жыву назад, Куды вяртаюцца вятры. Там паліць лісьце лістапад, І ў ім з табой згараем мы. Там паліць лісьце лістапад, І ў ім з табой згараем мы.