Ісці к табе трывожна і спакусна, Нібыта набліжацца да агню, I загарэцца ад тваіх спякотных вуснаў, I спапяліць цнатлівую браню.
I ўвайсці ў агонь. Пламеннем задыхацца, Лавіць яго, і жыць і дыхаць ім. Згарэць на попел. З попелу узняцца, Каб зноў глытаць агню вярэдны дым.
I ачышчацца ў полымі упарта, Згарэўшы зноў, вяртацца з небыцця, Бо той, хто уцякае ад цябе, — не варты I ні цябе, ні самаго жыцця.
Бо толькі так і можна жыць ва свеце: Згарэўшы ўшчэнт, застацца зноўку жыць, Каб пры жывым табе твой попел стылы вецер Зайздросна мог, як памяць, варушыць.