Мы іх гнацьмем да самай мяжы. І хаця мы адсунулі межы далёка, Уцячы няма як — усюды нашы віжы, Нашых вежаў радары — адно усёвідушчае вока. Бліскавіца пярунавай рунай асьвеціць нам шлях, І вагнём захрыпяць курадымныя чорныя коні. Апускаю забрала. І зброя сьвярбіць ў руках. Растаю, прападаю ў салодкім азарце пагоні.
Мы іх гнацьмем да самай мяжы — Вось адзіны выпадак калі ў сьпіну біць не ганебна. "Хто прыйшоў сюды здохнуць, тым дапамажы" — Вось дзядоўскі закон, ухвалёны й зацьверджаны небам. Ды геройства тут мала, суцішце фанфараў выцьцё. Наша лютая літасьць — у кароткай расправе, ня болей. Гэта гонка на сьмерць і гульня на жыцьцё. Ды сьляды ў нікуды сярод мёрзлага бруду пагоні.
Мы іх гнацьмем да самай мяжы Покуль зьзяе Ярылавы Крыж раздарожжамі трас на пятліцах, Покуль родзяцца ў краі мужы, Покуль кліча з-за хмараў меч карны ў срэбнай дзясьніцы.
Хай дыміцца ўзараны асфальт, Зерне гільзаў кладзецца ў дарогі разьбітае ўлоньне — Маем веру і праўду, свой шлях і свой кшталт, І ня маем правоў на сумневы Ў гарачым палоне Пагоні.
Прыйдзе час — і мы здымем шаломы далоў, І дажджы нашых верных „Дрыґантаў” адмыюць ад сажы да бляску. Затрубяць жаўрукі і мы вернемся да агмянёў. Засьпявае душа белым пер’ем на крылах гусарскіх.
І тады ўжо, ня дзеля сьцягоў ды пустых узнагарод, Мы праедзем пад Вострае Брамай ў зіхоткай параднае форме. Гэтак будзе, наступнай вясной ці праз некалькі год… А пакуль што — па сёдлах, панове! Ідзе праца ў чорным.
А пакуль што — глядзі як з крыві і дарожнай гразі, Манатоннымі гімнамі ветру ля голеных скроняў Паўстае на дыбы чорны вершнік з узьнятым UZI У сьвятарным запале бясконцай Пагоні. У запале бясконцай Пагоні.