У тумане, дзе ня бачна берагоў, Зьнікаюць сэнсы, колеры і цені Зьнічы надзеі, прыцемкі багоў — Усё мінае ў белым летуценьні.
У тумане, дзе няма шляху назад, Паміж вадой нябеснай і зямною, Навобмацак, наўсьлеп і наўздагад Цянюе човен у марах аб спакоі.
У тумане, дзе не застаецца сьлед Пад бледным зьзяньнем чарнарогага меніска, З сабой сам-насам, сам сабе сусьвет, І плынь сама нясе твой човен хісткі.
І прысам не дастаць да дна, І зрокам не працяць імглістую заслону Спыніўся рух і час. І давідна Можна забыцца ў сівым палоне, Дзе тонуць у начным тумане цені, Зьнічы надзеі, прыцемкі багоў… Усё мінае ў белым летуценьні, Усё растае ў белым летуценьні, Як добра ў гэтым белым летуценьні!