О, край родны, край прыгожы! Мілы кут маіх дзядоў! Што мілей у свеце божым Гэтых светлых берагоў, Дзе бруяцца срэбрам рэчкі, Дзе бары-лясы гудуць, Дзе мядамі пахнуць грэчкі, Нівы гутаркі вядуць; Гэтых гмахаў безгранічных Балатоў тваіх, азёр, Дзе пад гоман хваль крынічных Думкі думае прастор; Дзе увосень плачуць лозы, Дзе вясной лугі цвітуць, Дзе шляхом старым бярозы Адзначаюць гожа пуць?
Гэй, адвечныя курганы, Сведкі прошласці глухой! Кім вы тут панасыпаны? Чыёй воляю-рукой Вы раскіданы па полі, Даўных спраў вартаўнікі? Эх, не скажаце ніколі, Што казалі вам вякі! Вы пуцінаю няроўнай Бежыце ўдалечыню, У бок Віліі чароўнай І пад светлую Дзвіну.
Край мой родны! Дзе ж у свеце Край другі такі знайсці, Дзе б магла так, поруч з смеццем, Гожасць пышная ўзрасці? Дзе бы вобруку з галечай Расквітнеў багацтва цуд I дзе б з долі чалавечай Насмяяліся, як тут?.. Скрозь вяночкі дрэў вясёла Над мястэчкам ці сялом Цэрквы, стромкія касцёлы Вежы ўзносяць к небясом. А званіцы перад святам У касцёл, царкву завуць, Каб «прад Богам і прад братам Віны ўсе свае пачуць». Родны край! у Божа імя, У чэсць косцелаў, царквоў Паміж дзеткамі тваімі Многа легла камянёў; Многа выйшла трасяніны – Меч, агонь знішчалі край: З двух бакоў «айцы» дубінай Заганялі нас у рай! Кроў лілася ручаямі, Здрада чорная расла, Што папамі і ксяндзамі Ў сэрцы кінута была. I цяпер над намі, брацце, Яшчэ ў сіле той раздор – I папоўскае закляцце, I ксяндзоўскі нагавор.
Брацце мае, беларусы! У той кнізе людскіх спраў Сам лёс, мусіць, для спакусы Гэты край нам адзначаў. Тут схадзіліся плямёны Спрэчкі сілаю канчаць, Каб багата адароны Мілы край наш звэяваць, А нас цяжка ў сэрца раніць, Пад прыгон узяць навек, Нашы скарбы апаганіць, Душу вынесці на здзек, Каб у віры той ашукі Знішчыць нашы ўсе сляды, Каб не ведалі і ўнукі, Хто такія іх дзяды. I лілася кроў нявінна, Швед набытак наш паліў, А ўрад царскі самачынна Тут гвалтоўнасці тварыў, Будаваў астрог народу I барбарскім капылом Мерыў волю і свабоду, А культуру нёс з калом. I без жалю капытамі Конь казацкі тут ступаў I збажынку з ярынамі Талачыў і драсаваў.
Родны край! ты разарваны, I на захад ад мяжы Пан пыхлівы, надзіманы Моцна сцягвае гужы, Каб з варшаўскае майстэрні Беларусу сшыць халат, Ды ні ксёндз, ні пан не верне Плынь гісторыі назад! Эх, чаго нам не прыйшлося, Брацце мілыя, ужыць! Колькі талентаў звялося, Колькі іх і дзе ляжыць Невядомых, непрызнаных, Не аплаканых нікім, Толькі ў полі адспяваных Ветру посвістам пустым! Дык хіба ж мы праў не маем, Сілы шлях свой адзначаць I сваім уласным краем Край свой родны называць?