Я буду маліцца і сэрцам і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Ўжо больш не шалелі над роднай зямлёй.
Я буду маліцца да яснага сонейка,
Няшчасных зімой саграваць сірацін,
Прыветна па збожных гуляючы гонейках,
Часцей заглядаці да цёмных хацін.
Я буду малiцца да хмараў з грымотамi,
Што дзiка над намi гуляюць не раз,
Каб жаль над гаротнымi мелi бяднотамi,
Градоў, перуноў не ссылалi падчас.
Я буду малiцца да зорак i жалiцца,
Што гасяць сябе надта часта яны,
Бо чуў, як якая з неба з iх звалiцца,
З жыцця хтось сыходзе на вечныя сны.
Я буду малiцца да нiвы ўсёй сiлаю,
Каб лепшаю ўродай плацiла за труд,
Збагацiла сельскую хату пахiлую,
Надзеi збытымi убачыў наш люд.
Я буду маліцца і сэрцам і думамі,
Распетаю буду маліцца душой,
Каб чорныя долі з мяцеліцаў шумамі
Не вылі над роднай зямлёй, нада мной.
Дарэвалюцыйныя вершы 1906
Янка Купала еще тексты
Оценка текста
Статистика страницы на pesni.guru ▼
Просмотров сегодня: 1