Ад гасцінца да гасцінца, Ад хаты да хаты Звініць кобза украінцам Аб вялікім святу: Уся чыста галасіста Ўкрайна маладая Свайго «бацьку»-кабзарыста Важна ўспамінае. Эй, бо песня кабзарыста Ад краю да краю Плыве вольна-разхадзіста, Перашкод не знае! Сам ён многа меў нядолі, Крыўды, паніжэння, Ды не здрадзіў жа ён волі, Волі і сумлення. Дух збудзіў свайму народу Сваім гучным словам, Навучыў любіць свабоду, Родны край і мову. Яго «бацькам» ахрысціла Памятна Украйна. Эх! і нам будзь бацькам мілым, Украінча слаўны! Плывучы ўдаль, твая песня, Гасцінцам не вузкім, Знайшла водгалас пачэсне Ў сэрцы беларускім.