Прыйдзе новы – а мудры – гісторык, А ён прыйдзе – ужо ён ідзе – I сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак I да зорак аб нашых прасторах, Аб падзеях, людзях павядзе.
Ён раскажа, як з творчым імкненьнем Для народаў закон выдавала Бальшавіцкая праўда, сумленьне, Каб жыцьцё ўжо было безь цярпеньняў I мінула пракляцьцяў навала.
Як зьнішчаліся цвёрдай рукою Пралетару варожыя клясы, Як на фронтах ішоў бой за боем, Як зброд ворагаў здаўся, ня ўстояў Ў тыя грозныя бурныя часы.
Як ішла рэканструкцыя сьмела Па заводах, па полі, па думках, Перашкоды зьнішчаючы ўмела, Хоць варожы табун адзічэлы Ёй імшу пахавальную крумкаў.
Як мінулым спаганена праца Ад батрацкай прыгоннай сярмягі, Сабе ўзносячы ў сонцах палацы, Стала горда навек называцца Справай гонару, славы, адвагі.
Маладому свайму пакаленьню Ён апіша з палётам арліным, Як бліскотна з бэтону, з каменьня, 3 цэглы, з сталі, з жалеза ў праменьнях Тут за гмахам рос гмах на руінах.
Як узьняўшыся слаўна ў вышыні, Сацспаборніцтва, ўдарніцтва ўдала Здабывала багацьце краіне, Гарады будавала ў пустынях I пустынную ноч асьвятляла.
Як за трактарам трактар выходзіў На сялянскія стужкі-палоскі, Каб у дружным, як войска, паходзе Нішчыць межы, машыны заводзіць, Будзіць сьпячыя сёлы і вёскі.
Як яна, бальшавіцкая партыя, Каб датла зруйнаваць стары сьвет, Барацьбою зацятай, упартай, Сваю ставячы голаў на карту, Дасягла недасяглых пабед.
Прыйдзе новы – а мудры – гісторык, А ён прыйдзе – ужо ён ідзе – I сказ дзіўны, праўдзівы ад зорак I да зорак аб нашых прасторах, Аб падзеях, людзях павядзе.