Скача, скача новы веснік На бацькоўскія магілы, На знявечаныя ветрам, Спарахнелыя крыжы. "Падымайся, Ты, забіты, Падымайся, Ты, жывы..." Падымайся, браце кроўны, Голаў годна падымі! «Падымайся, хто нам роўня, падымайся, Ты, жывы...» Па чыіх жывеш законах, Ты чые спяваеш песні? Лёс, бацькамі надароны, Адрадзіся, Уваскрэсні! Азярніся на дзіцятак -- На якой гавораць мове? Ад якіх такіх парадкаў Пазабылі свае словы? «Мерцвякі, -- гукаюць, -- спіце, Сон вам будзе ціхамірны.» Сон ваш -- сонейка ў зеніце. Боль ваш -- круціць доля ў віры. Уваскрэсні, Боль па мове! Уваскрэсні, Памяць продкаў! Вас прыспалі адмыслоўна З доляй новаю гаротнай. Адурманіць не ўдалося -- Пільна сочыце за кожным. Набрыняе боль з калоссем Па палетачках, па пожнях. Ды вяшчальнік хутка скача На бацькоўскія магілы, На знявечаныя ветрам, Спарахнелыя крыжы. «Падымайся, Ты, забіты, Падымайся, Ты, жывы...»