Па лузе хадзілі авечкі. Студэнты сядзелі ў турме. Жыла ў невялікім мястэчку Дзяўчынка Камінская Е.
Для ўсіх невялікіх мястэчак Адзіны суровы закон: Ў кароткім жыцьці чалавечым Зіма — самы сумны сезон. Самы сумны сезон...
Працуй хоць да сёмага поту — Ўсё роўна чакае труна. Галота сьпявала “Басоту”, Піла ад сьвятла да цямна.
Калядная зорка з паперы На тонкай галіне гарыць. Наш шлях пралягае ў цемры, Дзе згасьлі даўно ліхтары. Ліхтары...
У шафе на верхняй паліцы Вішнёвае кісла віно. Дзяўчынка іграла на скрыпцы І моўчкі глядзела ў вакно.
Нібыта вялікага сьвята, Ўвесь час выглядала кагосьці. Дарэмна мылася кошка: На жаль, не прыходзілі госьці. Не прыходзілі госьці...
Ружаны, Глыбокае, Скідзель. Сяляне раскідваюць гной. Ніколі ўжо сонца ня ўзыйдзе Над гэтаю, мабыць, зямлёй. Пустая паштовая скрынка. Каменныя ў полі крыжы... Пазяхае малая дзяўчынка — Дзяўчынка стамілася жыць. Дзяўчынка стамілася жыць...