Мора гранітныя хвалі, Ад ветру чырвоныя людзі, І ты, што мяне кахала І болей кахаць не будзеш. Даўнія вежы суровыя З сухім палыном і ўзлётам, Сатканыя з нашай любові, Са скалаў, тугі і журботы. Якая бязглуздая сіла Якім акрываўленым раннем Грані ў іх разбурыла Разам з нашым каханнем? А я застаюся, як з богам, Навекі, навекі закуты Ў твае пяшчотныя ногі, Ў гняздо маё, месу, пакуту. І я ўспамінаю, як кляты, Скалы колеру перца, Вуснаў тваіх гранаты, Сэрца біццё пад сэрцам, На скуры кропляў каралі, Ад сонца медныя грудзі... Кахала мяне ты, кахала... Не будзеш, не будзеш, не будзеш